З канца 1970-х гадоў адна з вуліц в. Кочышчы носіць імя Аляксея Васі-льевіча Лысенкі. Вось што піша аб ім у сваіх успамінах у кнізе «У тыя грозныя гады» былы сакратар Ельскага падпольнага райкома партыі З.Я. Чарнаглаз: «Ніколі ельскія партызаны не забудуць жыхара вёскі Кочышчы Аляксея Васільевіча Лысенку. У яго доме народныя мсціўцы заўсёды знаходзілі прытулак. Ён атрымліваў ад нас зводкі Саўінфармбюро і звычайна перад світаннем расклейваў іх на відных месцах. Па ўказанню падпольнага райкома партыі Лысенка стаў старастам вёскі, аб усіх заданнях гітлераўскіх улад ставіў да ведама падпольны райком і камандаванне атрада, рабіў усё так, як яму раілі лясныя таварышы…»
Да Вялікай Айчыннай вайны А.В. Лысенка працаваў сакратаром сельскага Савета ў Кочышчах. З кожным годам мацнеў калгас. Але пачалася вайна. Як сапраўдны патрыёт, Аляксей Васільевіч не мог быць спакойным, калі вораг таптаў зямлю, знішчаў старых, жанчын, дзяцей. Яму даручылі застацца ў вёсцы, быць сувязным народных мсціўцаў. Больш таго, па заданню камандавання Ельскага партызанскага атрада А.В. Лысенка стаў старастам.
У красавіку 1942 года бургамістр Ельскага раёна даручыў старасту вёскі Кочышчы сабраць для фашыстаў 10 тысяч яек і іншыя прадукты харчавання. Некалькі дзён збіралі іх вяскоўцы. З мясцовага сепаратарнага пункта адгрузілі ўсё масла, вяршкі і малако. Але абоз гітлераўцам не даўся: партызаны сустрэлі яго на дарозе ў Ельск і накіравалі на сваю базу.
Летам таго ж года акупанты ўганялі моладзь у Германію на катаржныя работы. І вось, калі ў адзін з цёплых жнівеньскіх дзён фашысты ўварваліся ў Кочышчы, каб зрабіць сваю брудную справу, нікога з моладзі яны не знайшлі. 50 юнакоў і дзяўчат з Кочышч, Ястрабель і Жукоў схаваліся ў лесе, а затым сталі народнымі мсціўцамі.
Восенню 1942 года гітлераўскія карнікі накіраваліся ў Кочышчы, каб правесці масавае знішчэнне грама-дзян. На сваё здзіўленне, каты не сустрэлі ў населеным пункце ніводнага вяскоўца…
Такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Вораг доўгі час не мог зразумець, у чым справа. Потым сталі здагадвацца, што хтосьці папярэджвае людзей. Ад здрадніка даведаліся, што стараста Аляксей Васільевіч Лысенка мае сувязь з партызанамі, паведамляе ім аб кожным кроку акупантаў.
Гітлераўскія вылюдкі жорстка расправіліся не толькі са старастам, але із членамі яго сям’і. У верасні 1943 года яны закатавалі Аляксея Васільевіча, яго жонку Алену і дзевя-цігадовую дачку Люду.
Выпадковай сведкай забойства сям’і Лысенкаў і яшчэ дзвюх сем’яў (Дзям’янавых і Чух), якіх фашысты падазравалі ў сувязі з партызанамі, стала жонка дырэктара Качышчанскай школы Людміла Лаўрэнцьеўна Бенза, якая пайшла ў сарай падаіць карову. Сюды ж гітлераўцы прывялі на расправу вяскоўцаў. Ад таго, што жанчына пачула ў школьным сараі, яна пасівела…
Сын Лысенкаў Анатоль знахо-дзіўся ў партызанскім атрадзе. Гэтак жа, як і бацькі, ён усёй душой ненавідзеў чужынцаў. Разам з дарослымі прымаў удзел у баявых аперацыях, хадзіў у разведку. Гэта быў бясстрашны юны партызан. Аднойчы ў баі каля вёскі Валаўская Рудня варожая куля абарвала жыццё маладога змагара за свабоду. Яму тады было каля шаснаццаці гадоў.
У жывых засталася толькі старэйшая дачка Ніна. Раней яна часта прыязджала на радзіму, прыносіла кветкі на магілы дарагіх людзей. Час не загоіў раны на сэрцы Ніны Аляксееўны, у якой вайна адняла бацькоў, брата і сястрычку.
Няхай памяць пра гераічную сям’ю Лысенкаў жыве вечна, а жахі вайны больш ніколі не паўторацца на нашай зямлі!
Марыя Бардашэвіч,
ветэран Вялікай Айчыннай вайны.