Вясёлы кірмаш

Образование

У дашкольных установах адукацыі Ельскага раёна вядзецца вялікая работа па захаванню нацыянальных традыцый беларускага народа і выхаванню ў падрастаючага пакалення любові да роднай мовы, гісторыі і культуры.


23 кастрычніка мы завіталі на кірмаш у яслі-сад № 4 г. Ельска.


На пляцоўцы пад адкрытым небам размясціліся гандлёвыя рады са шчодрымі дарамі сёлетняга ўраджаю. Тут былі і садавіна, і гародніна, і жыта, і сала, і яйкі, і мёд, і дамашняя выпечка, і прысмакі, нарыхтаваныя на зіму!


Вялікую цікавасць выклікала ў наведвальнікаў выстава вырабаў з прыроднага матэрыялу, экспанаты для якой дзеці падрыхтавалі разам з бацькамі. Дзякуючы бязмежнай фантазіі, умелыя рукі ператварылі звычайныя кляновыя лісты ў ружы, бурачок – у мыш, гарбузы – у самавар, а з морквы склалі калодзеж! Гайдаў вецер прыгожыя вышываныя ручнікі, абрусы і сурвэткі. Гле-дзячы на ўсё гэта хараство, душа радавалася: ёсць яшчэ на нашай зямлі сапраўдныя гаспадары і ўмельцы!


А тым часам гледачы ўжо ўладкаваліся на стулках і лаўках. Які ж кірмаш без тэатралізаванага прадстаўлення?!


Першымі на пляцоўцы з’явіліся скамарохі, за імі царыца Восень, у гонар якой дзеці чыталі вершы і спявалі песні. Асноўнае ж  дзеянне адбывалася з удзелам Лявона, Лявоніхі і Пудзіла. Трэба адзначыць, што гледачы былі не простымі сузіраль-нікамі прадстаўлення, а актыўнымі яго ўдзельнікамі. Яны адгадвалі загадкі Лявоніхі, танцавалі народныя танцы «Бульба» і «Нарэчанька», удзельнічалі ў гульнях, якія праводзіў Лявон. Усе іх перамогі і выступленні віталіся бурнымі апладысментамі, ад гэтага дзіцячыя твары свяціліся шчаслівымі ўсмешкамі.


Пасля таго, як дзеці разам з дарослымі выканалі «Танец маленькіх качанят», царыца Восень падзякавала ўсім за арганізаванае ў яе гонар свята і пачаставала дзяцей салодкімі піражкамі, спечанымі з мукі сёлетняга ўраджаю.


Пад вясёлую музыку гандляры прадавалі свае тавары, дзеці пілі духмяны чай з самавара, а госці проста танцавалі.


На славу пастараўся ў гэты дзень музычны кіраўнік І.М. Яцэнка. Без перабольшвання можна сказаць, што стварэнне святочнай атмасферы ў многім менавіта яго заслуга.  


Нягледзячы на тое, што дзень выдаўся не сонечны, разыходзіцца ніхто не спяшаўся. І толькі дробны дожджык прымусіў дарослых раскрыць парасоны, а выхаванцаў сада пайсці ў групы.


Як адзначыла загадчыца ясляў-сада А.Ф. Грамок, кірмаш прайшоў удала, бо ўвесь калектыў прыняў актыўны ўдзел у яго падрыхтоўцы і правядзенні. Вельмі прыемна, што на кірмаш, дзе прысут-нічалі выхаванцы ўсіх груп, завіталі бацькі.


Правядзенне падобных мерапрыемстваў садзейнічае развіццю творчых здольнасцей у дзяцей, далучэнню іх да нацыянальнай культуры і выхаванню патрыятызму.


М. Сугак.
Фота А. Сіліверста.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *